Францішак на адкрыццё нотр-дама: аднавіць спадчыну веры - vatican news

Play all audios:

Няхай адраджэнне Нотр-Дама стане прароцкім знакам адраджэння Касцёла Францыі, пажадаў Папа ў пасланні да арцыбіскупа Ларана Ульрыха. МАРЫЯ ВАЛОДЗІНА - VATICAN NEWS На цырымоніі ўрачыстага
адкрыцця Сабора Парыжскай Божай Маці, якая прайшла ўвечары 7 снежня 2024 года, папскае пасланне было прачытана арцыбіскупам Чэлесціна Мільёрэ, апостальскім нунцыем у Францыі. Папа запэўніў
арцыбіскупа-мітрапаліта Парыжскага і ўсіх вернікаў у сваёй блізкасці ў думках і малітвах. “Усе мы дагэтуль памятаем жудасны пажар, які пяць гадоў таму моцна пашкодзіў храм. Нашы сэрцы
сціскаліся пры думцы аб магчымасці знікнення шэдэўра хрысціянскай веры і архітэктуры, шматвяковага сведкі вашай нацыянальнай гісторыі. Сёння смутак і жалоба саступаюць месца радасці, святу і
праслаўленню”, - гаворыцца ў пасланні. Святы Айцец даслаў прывітанне пажарным і ўсім тым, хто мужна ратаваў Нотр-Дам. Ён адзначыў рашучую прыхільнасць дзяржаўных уладаў і шчодрасць
міжнароднай супольнасці, якія спрыялі рэстаўрацыі святыні. Ён прывітаў людзей розных прафесій, якія аддалі ўсе свае сілы, каб вярнуць сабору яго хараство. Многія рабочыя і майстры
засведчылі, што ўдзельнічалі ў рэстаўрацыі з сапраўдным духоўным натхненнем. “Яны пайшлі па слядах сваіх папярэднікаў, чыя вера, увасобленая ў іх творчасці, змагла стварыць шэдэўр, у якім
няма месца нічому свецкаму, незразумеламу або вульгарнаму”, - напісаў Папа. Пантыфік пажадаў, каб адраджэнне Нотр-Дама стала “прароцкім знакам адраджэння Касцёла Францыі”. “Я заклікаю ўсіх
ахрышчаных, якія з радасцю ўвойдуць у сабор, адчуць законны гонар і зноў пацвердзіць сваю спадчыну веры. Дарагія вернікі Парыжа і Францыі! Гэтае месца, у якім жыве наш Нябесны Айцец,
належыць вам. Вы – яго жывыя камяні. Вашы папярэднікі ў веры стварылі яго для вас. Незлічоныя выявы і сімвалы прызначаныя для таго, каб упэўнена накіраваць вас да сустрэчы з Богам-чалавекам
і новаму адкрыццю яго велізарнай любові”, - гаворыцца ў пасланні. Неўзабаве Нотр-Дам зноў будзе наведваць велізарны натоўп людзей з розных слаёў грамадства, розных рэлігій, моў і культур,
многія ў пошуку абсалюту і сэнсу жыцця. Папа выказаў упэўненасць у тым, што дзверы Нотр-Дама будуць шырока адчыненыя для ўсіх, што іх будуць прымаць шчодра і бясплатна, як братоў і сясцёр.
Няхай яны, падняўшы вочы да светлых скляпенняў Нотр-Дама, адчуюць радасць любові Пана, які нясе блізкасць, спачуванне і пяшчоту, - напісаў Францішак. “Даручаючы французскі Касцёл і ўвесь
французскі народ абароне Парыжскай Божай Маці, я ад усяго сэрца дасылаю Вам і ўсім прысутным сваё благаслаўленне”, - напісаў напрыканцы паслання Папа.